БЯРЭ́ЗІНСКІ РАЁН,

на У Мінскай вобл. Беларусі. Утвораны 17.7.1924. Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 34,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 38%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Беразіно, 218 сельскіх нас. пунктаў. Падзяляецца на 14 сельсаветаў: Багушэвіцкі, Брадзецкі, Бярэзінскі, Высакагорскі, Дзмітравіцкі, Каменнаборскі, Капланецкі, Ляжынскі, Мачаскі, Пагосцкі, Паплаўскі, Сялібскі, Ушанскі, Якшыцкі.

Раён размешчаны ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня пласкахвалістая і раўнінная. Пераважаюць выш. 160—180 м, найвыш. пункт 190,3 м (каля в. Мікулічы). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, гліны. Сярэдняя т-ра студз. -6,8 °C, ліп. 18,1 °C. Ападкаў 639 мм за год. Вегетац. перыяд 187 сут. Найб. р. Бярэзіна з прытокамі Уша, Жорнаўка, Уса, Манча, Брусята, Клява. Пашыраны дзярнова-падзолістыя забалочаныя, дзярнова-падзолістыя, тарфянабалотныя глебы. Пад лясамі 50% тэр. раёна; пераважаюць хваёвыя, бярозавыя, яловыя лясы.

На 1.1.1996 агульная плошча с.-г. угоддзяў 76 тыс. га, з іх асушана 19,9 тыс. га. У раёне 20 калгасаў і 1 саўгас. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (ячмень, авёс, жыта, пшаніцу) і кармавыя культуры, грэчку, бульбу. Прадпрыемствы паліўнай (брыкет), харч. (сыр, спірт, пладоваагародніныя кансервы), лёгкай (швейныя вырабы), ільноапр. і дрэваапр. прам-сці; вытв-сць буд. матэрыялаў. Па тэр. раёна праходзяць аўтадарогі Мінск—Магілёў, а таксама з Беразіно на Барысаў, Клічаў, Новалукомль. Суднаходства на Бярэзіне. У раёне 21 сярэдняя, 7 базавых, 2 пач. школы, гімназія, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 29 дашкольных устаноў, 22 клубы, 33 б-кі, 5 бальніц, 13 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры — касцёл сярэдзіны 19 ст. ў в. Багушэвічы. Выдаецца газ. «Сцяг Леніна».

т. 3, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)